СТУПЕ́НІ ПАРАЎНА́ННЯ,
граматычная катэгорыя якасных прыметнікаў, утвораных ад іх прыслоўяў і безасабова-прэдыктыўных слоў на «-о», «-а», якая выражае адносную розніцу або перавагу ў якасці, што ўласціва прадметам, дзеянням, станам.
У бел. мове адрозніваюць 3 С.п. Звычайная абазначае якасць прадмета або дзеяння без супастаўлення яе з інш. выяўленнем той жа якасці — «зялёны», «стары»; вышэйшая паказвае, што якасць уласціва гэтаму прадмету або дзеянню ў большай меры, чым іншаму. Форма вышэйшай ступені прыметнікаў утвараецца з дапамогай суфікса «-ейш-(-эйш-)», прыслоўяў і безасабова-прэдыкатыўных слоў — суфікс «-ей-(-эй-)»: «зелянейшы», «старэйшы», «даўней», «даўжэй». Пры замене асновы ў асобных выпадках выкарыстоўваецца суфікс «-ш-»: «большы», «меншы», «лепш». Трэцяя С.п. — найвышэйшая — утвараецца з дапамогай прыстаўкі «най-» ад форм вышэйшай ступені: «наймацнейшы», «найдужэй», «найбольш». Адрозненні ў ступені якасці перадаюцца таксама спалучэннямі тыпу «больш моцны», «старэйшы за яго», «смялей за ўсіх» і інш., якія з’яўляюцца аналітычнымі (складанымі) формамі вышэйшай або найвыш. С.п.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 15, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)